Беларуская Служба

У першым квартале захваральнасць на ВІЧ у Беларусі знізілася на 14,6 працэнта ў гадавым вымярэнні

30.04.2024 15:00
Найбольш высокі паказчык захваральнасці ў Гомельскай вобласці, самы нізкі -  у Брэсцкай.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Miguel Á. Padriñán/pixabay.com/CC0 Public Domain

У студзені - сакавіку 2024 года захваральнасць на ВІЧ у Беларусі знізілася на 14,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам - з 4,1 да 3,5 выпадку на 100 тыс. насельніцтва, паведамляе «Позірк».

Паводле дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, за першы квартал гэтага года зарэгістравана 324 выпадкі ВІЧ-інфекцыі.

Найбольш высокі паказчык захваральнасці ў Гомельскай вобласці - 5,8 на 100 тыс. насельніцтва (78 выпадкаў). У Мінскай і Магілёўскай абласцях - па 3,6 (52 і 35 адпаведна), Мінску - 3,5 (70), Віцебскай і Гродзенскай абласцях - 3,1 (33 і 31). Самы нізкі ўзровень зафіксаваны ў Брэсцкай вобласці - 1,9 (25).



У эпідэмічны працэс уцягнутыя ўсе ўзроставыя групы насельніцтва. У студзені - сакавіку 90,7 працэнта выпадкаў ВІЧ-інфекцыі зарэгістравана сярод старэйшых за 30 гадоў асоб.

За тры месяцы гэтага года ўдзельная вага асоб, інфекаванне якіх адбылося палавым шляхам, склала 84,9 працэнтаў, парэнтэральным (пры ін’екцыйным увядзенні наркатычных сродкаў) — 11,7 працэнта. Паводле кумулятыўных даных з 1987 года, асноўным шляхам заражэння з’яўляецца палавой (68,3 працэнта), доля парэнтэральных шляху — 29,6 працэнта.

Удзельная вага жанчын, уцягнутых у эпідэмічны працэс за студзень — сакавік склала 38,3 працэнта.

Сярод выяўленых за гэты перыяд ВІЧ-інфекаваных 50,3 працэнта працуюць.

91 працэнт ВІЧ-інфекаваных атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, ахоп якой за апошнія пяць гадоў вырас у 1,8 раза.

аз